"Ушаноўваем памяць"

Пяты этап "Ушаноўваем памяць" (з 10 па 14 снежня)
                                       Да апошняй кроплі сілы
Біцца з ворагам жадаем, 
 Бараніці край свой мілы
     Прысягаем! Прысягаем!
          Родну мову шанаваці, - 
                        Скарб багаты, што мы маем,
               Ратаваці зямлю-маці
                           Прысягаем! Прысягаем!

                             Змітрок Бядуля

На пятым прыпынку нашага праекта мы накіроўваемся ў маленькае мястэчка Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта там у красавіку 1886 года нарадзіўся Самуіл Яфімавіч Плаўнік, вядомы ўсім пад псеўданімам Змітрок Бядуля. Сёлета мы адзначаем 130-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.
   Дарэчы, чаму Змітрок Бядуля? Псеўданім фальклорнага паходжання. У беларускіх казках, якія пісьменнік збіраў, вывучаў усё жыццё, ёсць вобраз добрага, спагадлівага дзядка Бядулі, які ходзіць па свеце, суцяшаючы малых, пакінутых бацькамі дзяцей, розных сірот, бяздомкаў. Псеўданім, як бачым, вельмі дапасоўваецца да чуллівага, спагадлівага сэрца беларускага пісьменніка.
   Першай кнігай Бядулі стаў зборнік яго лірычных імпрэсій "Абразкі". Вельмі рэкамендую Вам прачытаць гэтыя невялікія па памеры апавяданні.
  Біяграфічныя звесткі з жыцця пісьменніка знойдзем ТУТ. Спасылку на афіцыйны сайт Змітрака Бядулі шукаем ТУТ.
  "Святло далёкай зоркі" - пазнавальнае відэа, прысвечанае нашаму юбіляру. 
   Далёка нямногія пісьменнікі-беларусы так глыбока спасціглі душу свайго народа, як Змітрок Бядуля, яўрэй па нацыянальнасці, за што яму вялікая ўдзячнасць. Ягоны заклік: "Будзь сам сабою, беларус..." - крэда для ўсіх, хто ўспрымае сябе сапраўдным сынам ці дачкой сваёй Бацькаўшчыны.
  А цяпер размова пойдзе пра апошнія дні жыцця пісьменніка са слоў Віталя Вольскага, дарэчы, таксама сёлетняга юбіляра:
  Пачалася вайна, сям'я Змітрака Бядулі падалася ў Алма-Ату. 
    Цягнік спыніўся недалёка ад горада Уральска. Вакол, куды ні глянь, адзін толькі шырокі бязмежны стэп. Бядуля выйшаў з вагона. Калі адышоў трохі ўбок, здалося яму, што цягнік раптам крануўся з месца. Змітрок кінуўся даганяць свой вагон. І тут выявілася, што адышоў другі цягнік, а яго стаіць на месцы. Цяжка дыхаючы. Бядуля падняўся ў свой вагон,  схапіўся за нары...
  Кучаравая галава знясілена схілілася.
 - Маша, дай мне апошнюю папяросу, - звярнуўся ён да жонкі, бо ведаў, што ў пачку засталася толькі адна папяроса.
   Папяросе гэтай суджана было стаць сапраўды апошняй у яго жыцці.
   Зацягнуўшыся, ён раптам упаў на падлогу. Хворае сэрца не вытрымала.
  Гэта было 3 лістапада 1941 года.
   Свой вечны спакой Змітрок Бядуля знайшоў на могілках Уральска, на высокім беразе ракі Урал. 
    Ва Уральску ёсць музей слаўнага сына беларускай зямлі, выдатнага пісьменіка. У Віцебску, Жабінцы, Маладзечне і Мінску вуліцы носяць імя Зм. Бядулі.
    У доме, дзе некалі жыў пісьменнік - цяпер гэты дом перанесены на Рабкораўскі завулак - створана экспазіцыя, прысвечаная яго жыццю і творчасці.
    Асобныя вершы Бядулі пакладзены на музыку.

Заданне.
  Як жа сёння ўшаноўваецца памяць аб слаўных сынах і дачках нашай Бацькаўшчыны? Вам неабходна выбраць аднаго з сёлетніх пісьменнікаў-юбіляраў, знайсці як мага больш звестак пра ўшанаванне памяці аб ім. Здабыты матэрыял пераносім у газету, створаную пры дапамозе сэрвіса WikiWall.
  WikiWall - сэрвіс (сценгазета), які дазваляе аднаму чалавеку або групе людзей размяшчаць на агульнай старонцы інфармацыю і рэдагаваць блокі з тэкстамі, фота і відэа. Для работы рэгістрацыя не патрэбна. 
   Прыклад работы са сценгазетай убачым ТУТ.
Спасылку на сценгазету Вашай каманды пакідаем ТУТ.

Крытэрыі ацэньвання працы:
Творчы падыход - 10 балаў;
Своечасовасць выканання - 2 балы.
Усяго: 12 балаў

Не забывайце, што этап Рэфлексіі абавязковы для выканання!

На "Куфары" знойдзем вынікі працы!

Рэфлексія.
На інтэрактыўнай дошцы на сцікерах апішыце Вашыя пачуцці пры стварэнні сценгазеты ў памяць нашым пісьменнікам-юбілярам.


Комментариев нет:

Отправить комментарий